З мэтай папулярызацыі творчай спадчыны Івана Пятровіча Шамякіна для навучэнцаў 11 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Магілёва» была праведзена літаратурная гадзіна «Чалавек вялікай душы і таленту».
Навучэнцы пазнаёміліся з жыццём і багатай творчай спадчынай народнага пісьменніка Беларусі. Асаблівая ўвага была нададзена ваеннаму перыяду ў лёсе пісьменніка, таму ў цэнтры абмеркавання апынулася знакамітая пенталогія «Трывожнае шчасце», раманы «Сэрца на далоні» і «Глыбокая плынь». Было адзначана, што Іван Шамякін быў не толькі пісьменнікам, але і грамадскім дзеячам. Яго заслугі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.
Акрамя гэтага, дзецьмі прагледжаны відэаролікі пра пісьменніка і яго творчы шлях. Каб замацаваць атрыманыя веды, яны прынялі актыўны ўдзел у віктарыне, дзе неабходна было ўзгадаць не толькі назвы твораў, але і факты з жыцця і творчасці пісьменніка.
Дзякуючы мерапрыемству хлопцы і дзяўчаты зрабілі выснову, што творы Івана Шамякіна прайшлі выпрабаванне часам і не страцілі сваёй актуальнасці і сёння.







