Віртуальнае падарожжа «Народная мудрасць у вострым слове»

У свеце літаратуры ёсць імёны, якія застаюцца ў сэрцах чытачоў на стагоддзі. Адным з такіх яскравых і самабытных талентаў беларускай літаратуры, несумненна, з’яўляецца Кандрат Крапіва — выбітны паэт, празаік, драматург, перакладчык і, вядома ж, непераўзыдзены байкапісец. Яго творчасць, прасякнутая народнай мудрасцю, вострым гумарам і глыбокім разуменнем чалавечай натуры, працягвае натхняць і павучаць новыя пакаленні.
Да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы ў бібліятэцы-філіяле №9 імя Янкі Купалы для навучэнцаў 7 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №32 г. Магілёва імя воіна-інтэрнацыяналіста А.М. Палякова» было праведзена віртуальнае падарожжа «Народная мудрасць у вострым слове».
Дзеці пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, цікавымі фактамі з яго жыцця. Акрамя гэтага, імі быў прагледжан відэаролік пра пісьменніка і яго творчы шлях.
Асаблівую цікавасць выклікала абмеркаванне актуальнасці твораў. І адным з такіх твораў стаў «Ганарысты парсюк. Аналіз гэтай байкі дапамог дзецям выявіць галоўных герояў твора, ацаніць іх учынкі і характар. Дзеці прыйшлі да высновы, што героі баек Крапівы жывуць сярод нас і сёння, а яго трапнае слова не губляе сваёй сілы нават праз стагоддзе.
Да мерапрыемства падрыхтавана кніжная выстава «Мастак сатырычнага слова». На ёй прадстаўлены творы Кандрата Крапівы і літаратура пра яго.