21 лютага ва ўсім свеце адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова — частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова — жыве народ, жыве памяць продкаў.
У бібліятэцы-філіяле № 9 ім. Я. Купалы адбыўся біблія-квіз «Веліч роднай мовы», удзельнікамі якога сталі навучэнцы 4- х класаў ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Магілева».
Беларуская зямля багата на таленавітых майстроў роднага слова, а таксама славіцца сваімі паданнямі, міфамі і легендамі, у якіх сустракаюцца унікальныя персанажы. Хлопцы і дзяўчаты не толькі пазнаёміліся, а сустрэліся з імі і адправіліся ў захапляльнае падарожжа.
У госці к удзельнікам мерапрыемства наведаліся: Зюзя — бог зімы і сцюжы, які лічыцца правобразам Дзеда Мароза, галоўная гераіня камедыйнага твора Янкі Купалы — Паўлінка і дачка змяінага караля, гаспадара вужоў — Вужалка.
Дзеці з захапленнем выконвалі забаўляльныя і цікавыя заданні, змаглі праверыць свае веды па гістарычнай і літаратурнай спадчыне. А добры настрой падарыла мужчынская група народнага хора народнай песні УК « Магілёўскі цэнтр культуры і вольнага часу» пад кіраўніцтвам Мікалая Варапая.











