Літаратурная гадзіна «Янкава калыска»

У рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!» для навучэнцаў 6 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 44 г. Магілёва» была праведзена літаратурная гадзіна «Янкава калыска», прысвечаная Янке Купале. Дзеці даведаліся пра шматлікія цікавыя факты з жыцця і творчасці Янкі Купалы, пра яго любоў да ведаў і кнігі, да роднай прыроды. Згадана і тое, што многія творы пісьменніка пакладзены на музыку.

Музыка на вершы «Спадчына», «Мая малітва», «Зоркі» гучала на мерапрыемстве. Не засталіся без увагі паэтычныя, драматычныя, публіцыстычныя творы народнага песняра. Навучэнцы ўспомнілі змест найбольш знакамітых драматычных твораў, якія былі пастаўлены на сцэне тэатра і з’яўляюцца выдатным адлюстраваннем жыцця беларускага народа і яго нацыянальнага каларыту. У канцы мерапрыемства дзецьмі была зроблена выснова, што Янка Купала — адзін з пачынальнікаў беларускай мовы і прызнаны майстар слова. Ён увайшоў у гісторыю сусветнай літаратуры і стаў сапраўдным сімвалам нацыі, а паэзія ўвабрала ў сябе лепшыя дасягненні жывога беларускага слова і стала здабыткам беларускага народа.