У рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!» для навучэнцаў 9 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Магілёва» была праведзена інфармацыйна-пазнавальная гадзіна «Якуб Колас і Янка Купала — два геніі беларускай літаратуры». Янка Купала і Якуб Колас — вялікія песняры беларускага народа. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага
духу, мастацкі ўзор, на які можа арыентавацца не толькі ўся нацыянальная літаратура, але і ўся нацыянальная культура. Яны пранеслі праз усё жыццё высокія ідэалы гуманізму, дабра і справядлівасці, аддалі народу свой талент, сваю душу і сэрца. Іх імёны вымаўляюцца заўсёды разам. Дзеці пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам кожнага з песняроў. Яны даведаліся пра тое, што пісьменнікі нарадзіліся ў адзін год, але былі вельмі рознымі па творчай манеры, стылю, чалавечаму характару. Гучалі песні на вядомыя вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа «Спадчына», «Мой родны кут, як ты мне мілы» у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». У канцы мерапрыемства была зроблена выснова, што творчасць вялікіх песняроў увасобіла глыбіню і мудрасць свайго народа, узвышанасць мар і імкненняў адвечнага працаўніка.








