Сакавіцкае рэха

Ужо стала традыцыяй адзначаць Сусветны дзень паэзіі падвядзеннем вынікаў гарадскога конкурсу “Сакавіцкае рэха”, які ў чацвёрты раз ладзіць бібліятэка імя Янкі Купалы установы культуры “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілева” сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Магілёўскай гарадской арганізацыяй ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”.


У гэтым годзе конкурс праводзіўся онлайн з наступнымі умовамі: на адрас арганізатараў конкурсу трэба было даслаць ад 1-го да 3-х вершаў свайго сачынення і відэаролік з выразным яго чытаннем.
У конкурсе прынялі удзел словатворцы розных узростаў і рознага сацыяльнага статусу. У склад журы ўвайшлі: Яраслаў Клімуць, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік, выкладчык вышэйшай школы, Мікола Яцкоў, паэт, кампазітар-песеннік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленя ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Аляксей Карпенка, паэт, кіраўнік літаратурнага гуртка пры магілёўскай арганізацыі ТБМ, Галіна Жмачынская, загадчыца інфармацыйна-сервісным сектарам бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Ініцыятар конкурсу і вядоўца імпрэзы Тамара Аўсяннікава павіншавала прысутных са святам і сказала некалькі слоў-пажаданняў пачынаючым паэтам. Творчых поспехаў зычыла канкурсантам пісьменніца Таццяна Барысік. І па просьбе прысутных прачытала некалькі сваіх вершаў. Старшыня журы Яраслаў Клімуць падвёў вынікі паэтычнага конкурсу і ўручыў дыпломы і падзякі ўдзельнікам.

Пераможца конкурсу ў намінацыі «Дарослыя» стала Вольга Шпакоўская. Яна даслала на конкурс 3 вершы, пранікнёна іх прачытала. Адзін з іх, прысвечаны любімай бабулі, якая нядаўна пакінула гэты свет:

– Дзетка, апранайся цяплей, –
казала мне бабуля познім летам.
Рэхам адгукаецца ўва мяне яе голас.
– Ты куды, мая родная, знікла? –
Гарачай хваляй па маёй душы.
Жалем перапоўнена сэрца.
Бабуля адкрывала для мяне зноў
і зноў нешта важнае, забытае…
А за парогам – вечар. Зіма.
Вострая адзінота. Без палёгкі.

Вольга Шпакоўская нарадзілася ў 1999 годзе ў Магілёве. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт МДУ імя А.А. Куляшова. Працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе № 34 г. Магілёва. Чатыры гады наведвала літаратурны клуб “Святліца”. Раней пісала на рускай мове, а вось апошнім часам звярнулася да беларускай. І паспяхова, бо ўжо друкавалася ў часопісе “Верасень”.
Другое месца заняла Рыма Сорына, якая нарадзілася ў Малдове, але даўно жыве ў Магілеве. І ведаюць яе тут як рускамоўную паэтку. А зараз яна ўзялася за пераклады сваіх вершаў на беларускую мову.
Трэцяе месца ў Іны Навумовіч, актыўнага ўдзельніка «Сакавіцкага рэха».

Пераможца конкурсу ў намінацыі «Школьнікі» – Ганна Сергяенка, вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 25 (кіраўнік Новікава Алеся Уладзіміраўна) прысвяціла свой верш выдатнаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу.
Другое і трэцяе месца ў вучняў сярэдняй школы № 21 (настаўніца Ірына Алегаўна Адзіянава): Ефрасінні Варапаевай (8 клас) і Стаса Ярмоленкі (6 клас).
Наймалодшы ўдзельнік конкурсу вучань 3 класа сярэдняй школы № 11 Уладзіслаў Баброў (настаўніца Святлана Аляксандраўна Ветрава) атрымаў падзяку за першыя крокі ў паэзіі.
Прыемна, што разам з пачынаючымі паэтамі на падвядзенне вынікаў прыйшлі не толькі настаўнікі, але і бацькі.