7 кастрычніка 2022 года адзначаецца 90 год з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка ІВАНА ПТАШНІКАВА. Таму чарговы беларускі чацвер мы вырашылі прысвяціць творчасці гэтага аўтара. Ў дзіцячым сектары нашай бібліятэкі для наведвальнікаў аформлена выстава-прагляд «Словы падаюць не на камень».
Іван Пташнікаў — адзін з найбольш цікавых, самабытных празаікаў беларускай літаратуры, таленавіты і яркі прадстаўнік свайго пакалення, пакалення дзяцей вайны. Чароўны свет прыроды, жыццё людзей, іх праца, побыт, узаемаадносіны, іх барацьба за незалежнасць і аднаўленне роднага краю, іх мужнасць і шчодрасць душы — усё гэта фармавала духоўны свет пісьменніка, яго творчую натуру. Раманы, аповесці і апавяданні Івана Пташнікава набылі шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Сярод сучасных беларускіх празаікаў ён вылучаецца адданасцю вясковай тэме. Лёс вясковага чалавека на розных жыццёвых дарогах, яго характар, грамадзянская і сацыяльная значнасць застаюцца ў цэнтры ўвагі пісьменніка. Выстава знаёміць наведвальнікаў з літаратурнай спадчынай аўтара, прысвечаным гэтай тэме: раманамі «Чакай у далекіх Грынях», «Мсціжы», «Алімпіяда».
Важнае месца ў творчасці І.Пташнікава належыць і вайне. Жахі і боль ваеннага ліхалецця назаўсёды ўвайшлі ў яго памяць. Менавіта таму вайна, час аднаўлення роднага краю раскрываюцца ў творах пісьменніка глыбока і праўдзіва, абвострана і трагічна, эмацыянальна і напружана: аповесці «Лонва», «Тартак», «Найдорф», апавяданні «Алёшка», «Алені», «Бежанка» і інш.
На выставе прадстаўлены зборнікі яго твораў і кнігі выбраных твораў, выдадзеныя ў розныя часы. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з расповедам І.Пташнікава «Львы» — першым у беларускай прозе творам аб чарнобыльскай трагедыі.