У апошнія дні студзеня ў нашай бібліятэцы да ўвагі чытачоў аформлена выстава-дылогія «Зоркі беларускай літаратуры», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна.
З нагоды юбілею хочацца аддаць даніну павагі летапісцам эпохі, нагадаць наведвальнікам пра творчасць мастакоў слова, падтрымаць цікавасць чытачоў да літаратурнай спадчыны аўтараў.
У раздзелах «Непаўторная кніга жыцця» і «З памяці аб перажытым…» прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці народных пісьменнікаў Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна і Івана Пааўлавіча Ме́лежа. Тут вы знойдзеце фотаздымкі з сямейных архіваў пісьменнікаў, а таксама цікавыя звесткі з жыцця творцаў.
Постаці пісьменнікаў прадстаўлены на выставе праз прызму бестселераў савецкага часу – твораў, якія вытрымалі найбольшую колькасць перавыданняў, выходзілі мільённымі тыражамі, вызначыліся маштабнасцю ахопленых падзей, шматпланава раскрылі лёс беларускага народа ХХ ст. Трылогія «Палеская хроніка», раман «Мінскі напрамак» Івана Мележа, пенталогія «Трывожнае шчасце», раманы «Атланты і карыятыды»,«Сэрца на далоні» Івана Шамякіна сталі залатым фондам беларускай літаратуры, у якім чытач знаходзіць натхненне, суцяшэнне і адказ. Уся гэта літаратура прадстаўлена ў раздзелах «Крыніца творчасці – сучаснасць» і «Творца народнай душы».
Пра пісьменнікаў можна гаварыць шмат, аднак лепш за ўсё прачытаць іх кнігі. Яны, як ніхто іншы, найбольш поўна, сардэчна і яскрава распавядаюць пра творцу, раскрываюць яго багаты ўнутраны свет і пачуцці, прыгажосць і шчырасць душы аўтара.
Выстава будзе дзейнічаць да 1 сакавіка. Запрашаем.
пр-т Дзімітрава, 55