20 лютага ў рамках святкавання Дня роднай мовы для дзевяцікласнікаў ДУА «Сярэдняя школа № 32», адбылася літаратурная сустрэча з Вольгай Бяловай «З любоўю да роднай мовы».
Вольга Юр’еўна Бялова магілёўская паэтка, драматург, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Яна аўтар трох зборнікаў. У 2015 годзе выйшла яе першая кніга «Шчасце» — зборнік вершаў і п’ес на рускай і беларускай мовах. У 2016 г. з’явілася другая кніга пад назвай «29», а у 2018 г. – кніга вершаў «# Настроение_осень».
Асноўны занятак Вольгі Бяловай – мастацкае выхаванне падрастаючага пакалення. Яна кіруе тэатральнай студыяй «У кропку!» ў ДУА «Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў № 1» і чытае лекцыі навучэнцам УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў» па спецыяльнасці акцёрскае мастацтва.
Паэтка распавяла школьнікам пра сябе і пра сваю творчую дзейнасць, падрабязна спынілася на выбары прафесіі, адзначыла, як важна для кожнага чалавека выбраць справу па душы, застацца верным сваім дзіцячым і юнацкім марам. І, вядома, на сустрэчы гучала шмат вершаў Вольгі Юр’еўны на тэмы кахання, творчасці і жыцця. Напрыканцы мерапрыемства аўтар пажадала ўсім поспехаў і падарыла бібліятэцы сваю кнігу «# Настроение_осень» з дарчым надпісам, і на кнізе «Шчасце», якая знаходзіцца ў фондзе бібліятэкі, таксама зрабіла надпіс з аўтографам. Мы вельмі ўдзячны Вользе Юр’еўне за сустрэчу і жадаем далейшых творчых поспехаў.