5 лютага ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя паэтычнага зборніка магілёўскага паэта Паўла Данілава «Крыгаход душы», які выйшаў ў выдавецтве «Кнігазбор» у 2019 годзе. Гэта другая кніга Паўла Данілава, якая складаецца з вершаў і невялікіх паэм, і працята самабытнасцю чалавека Прыдняпроўскага краю.
«Як узламаць лёд татальнай абыякавасці да спадчыны, якая пакінута нам прашчурамі?», – задае пытанне пісьменнік Віктар Кунцэвіч, аўтар прадмовы да зборніка. Адказ — вытрымка з верша Паўла Данілава: «Хай будзе душой, што матчынай песняй сагрэта». Менавіта здякуючы такім аўтарам, якія пішуць на роднай мове, мы зможам захаваць нашу культуру, традыцыі, нашы карані.
У зале сабраліся чытачы, якія неабыякава адносяцца да захавання нашай культурнай спадчыны. У час мерапрыемства адбылася цёплая гутарка. Павел Данілаў адкрыта паведаў не толькі пра сваю творчасць, але падрабязна расказаў прысутным пра сябе, ахвотна адказаў на ўсе пытанні, пранікнёна чытаў свае вершы. На прыканцы сустрэчы Павел Данілаў зрабіў аутограф-сесію і усім жадаючым падарыў зборнік вершаў.
Вершы Паўла Данілава глыбока западаюць у душу. Аўтар з цеплынёй дзеліцца з чытачом сваімі адносінамі да малой радзімы, да каханай дзяўчыны, да пэўных гістарычных падзей. Вершы хочацца перачытваць зноў і зноў, бо яны не толькі пабуджаюць на добры ўспамін, але i сугучныя з сучаснасцю.
Галiна Жмачынская
Фота: Аляксандр Сабалеўскі