«Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы.
Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне»
Аляксей Пысін
27 чэрвеня ў бібліятэцы прайшлі ІІІ-я Купалаўскія чытанні «Творчасць Янкі Купалы ў лічбавую эпоху». Іх урачыста адкрыла В.У. Волкава, дырэктар установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва».
Імя бібліятэкі, як і імя знакамітага паэта, выступае своеасаблівым захавальнікам культурнай памяці. Бібліятэка носіць імя Янкі Купалы з 2016 года і пазіцыянуе сябе як прадаўжальніца яго справы, адлюстроўвае сістэму яго каштоўнасцей, замацоўвае памяць пра яго ў свядомасці нашых сучаснікаў і будучых пакаленняў.
У гэтым годзе ўдзельнікі Купалаўскіх чытанняў змаглі сустрэцца онлайн з выкладчыкамі установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы». Загадчыца кафедры беларускай філалогіі Садоўская А.С. і яе калегі падрабязна расказалі аб тым, як праходзяць ва ўніверсітэце Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, хто з’яўляецца іх ідэйным натхняльнікам, якія госці наведвалі чытанні.
З 1975 года існуе адзіны ў Расіі мемарыяльны музей-кватэра народнага паэта Беларусі. Музей папулярызуе творчасць Я. Купалы, знаёміць гасцей з традыцыямі і побытам буларускага народа, такім чынам спрыяе ўмацаванню дружбы паміж народамі Расіі і Беларусі.
Загадчыца філіялам нацыянальнага музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы рэспублікі Татарстан Р. Ю. Абызава правяла цікавую онлайн-экскурсію па музею, адказала на пытанні слухачоў.
Янка Купала і Якуб Колас – два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гонар і слава. Іх вялікае сяброўства пачалося задоўга да іх сустрэчы…
Аб узаемаадносінах двух народных паэтаў Беларусі паведаміла ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра М. М. Міцкевіч, якая прыехала на чытанні з Мінска. Яна не толькі падзялілася цікавай інфармацыяй, але і прывезла ў падарунак бібліятэцы кнігі.
Цікавае паведамленне на тэму «Польскамоўная творчасць Янкі Купалы: невядомыя старонкі» зрабіў В. І. Еўмянькоў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А. А. Куляшова.
Захаваць лепшыя традыцыі беларускай мовы, літаратуры і культуры і даць магчымасць развівацца маладым талентам, менавіта такія задачы ўжо некалькі гадоў ставяць перад сабой арганізатары агляду-конкурсу «Купалаўскія чытанні», якія праходзяць на базе ўстановы адукацыіі «Гімназія імя Янкі Купалы г. Мазыра». Ідэйны натхняльнік і арганізатар дадзеных чытанняў Г. Д. Чайка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія імя Янкі Купалы г. Мазыра”. Яна завочна прадставіла прэзентацыю вопыту сваёй працы, аб якім расказала Д. У. Сцельчанка, загадчыца бібліятэкай-філіялам № 9 імя Янкі Купалы.
Узаемадзеянне традыцыйнай бібліятэкі з новымі электроннымі тэхналогіямі вывела бібліятэчна-інфармацыйную дзейнасць на якасна іншы, больш прадуктыўны, чым раней, узровень. Але місія бібліятэкі па папулярызацыі творчага і жыццёвага шляху пісьменніка пры гэтым не змянілася, яна толькі здабыла новую глыбіню і змест, атрымала новы патэнцыял. Аб тым, як бібліятэка, карыстаючыся сучаснымі тэхналогіямі, папулярызуе імя Янкі Купалы, зрабіла паведамленне Г. М. Жмачынская, загадчыца інфармацыйна-сервісным сектарам бібліятэкі-філіяла № 9 імя Янкі Купалы.
Культурна-масавая дзейнасць бібліятэкі ажыццяўляецца з выкарыстаннем традыцыйных і інавацыйных форм, што дае магчымасць праводзіць яе разнастайна, адпавядаць сучаснаму ўзроўню патрабаванняў гараджан. Адным з такіх напрамкаў дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца цеснае супрацоўніцтва з творчым калектывам педагогаў і выхавальнікаў Цэнтра творчасці «Эверэст». Дзякуючы ім адбыўся цуд – сам Янка, будучы вялікі паэт і пісьменнік, а таксама яго героі завіталі да нас у госці…
У ходзе мерапрыемства прысутным былі прадстаўлены кніжна-ілюстрацыйная выстава «Песняра святое імя», выставачная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы «Нам засталася спадчына», папкі з рэкламна-бібліяграфічнай інфармацыяй і сувенірамі.
Сёння бібліятэка – гэта прывабная тэрыторыя для ўзаемаадносін, творчасці і адпачынку магілёўцаў. Каб зацікавіць сваіх чытачоў творчасцю Янкі Купалы, супрацоўнікі бібліятэкі распрацавалі літаратурны квэст «У пошуках папараць кветкі» і напрыканцы мерапрыемства прапанавалі ўсім жадаючым прыняць удзел ў гэтай цікавай гульні.
Збіраць і беражліва захоўваць спадчыну вялікіх людзей, часу, у якім яны жылі, перадаваць гэтую спадчыну сучаснікам і будучым пакаленням, – важная місія, якой і кіруюцца супрацоўнікі нашай бібліятэкі.