Лiтаратурна-мастацкiя выданнi

1 Дудзюк, З. І. Закон захавання кахання : аповесці / Зінаіда Дудзюк. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2019. — 233, [1] с. — (Жаночыя лёсы).

Гераіні кнігі шукаюць шляхі да шчасця і кахання ў межах тых гістарычных умоў, калі ім давялося жыць. Кожная робіць гэта па-свойму, ды занадта пакручастыя, а часам нават трагічныя, выпадаюць ім лёсы. Ада (аповесць «Закон захавання кахання») паслухалася парады маці і звязала лёс з хлопцам, які аказаўся чужы ёй па духу. Яна вучыцца казаць «не» блізкім, разумеючы, што мае права на памылку і на выпраўленне яе. Дзяўчынка-падлетак Вера (аповесць «Ніка») толькі ўступае ў дарослае жыццё, спрабуе спасцігнуць саму сябе, не дазваляе сябрам уплываць на свае паводзіны, стараецца дзейнічаць суладна з уласным сумленнем. Нона (аповесць «Бедагоны») імкнецца жыць, як усе навокал, але яе абраннікі — зусім не такія, якімі сабе іх уяўляла.

Чытачы не застануцца раўнадушнымі, а будуць з хваляваннем сачыць за лёсамі жанчын.

2 Найдзін, В. І. Сустрэнемся на стадыёне : [гумар, сатыра] / Васіль Найдзін ; [прадмова І. Канановіча]. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2019. – 198, [1] с.

Кніга «Сустрэнемся на стадыене» складаецца з твораў розных жанраў, ад кароткіх форм і да больш сур’езных апавяданняў, але ўсе гэта – гумар, сатыра, а значыць, жарты і смех.

У здаровым целе – здаровы дух! Узгадаем гэты дэвіз-заклік. Не будзем забывацца і на тое, што бескампрамісная барацьба, напружанне, змаганне да апошніх сіл у выніку прыносяць пераможцам задавальненне, не гаворачы ўжо пра сапраўдныя дасягненні і слезы радасці ад перамог. І добры настрой не пакіне нас – спартсменаў, балельшчыкаў – у любое надвор’е. Не сапсуюць яго ні дождж, ні снег, ні вецер.

Сустрэнемся на стадыене, шаноўнае спадарства!

3 Рублеўская, Л. І. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская.  Мінск : Звязда, 2018. —269с.  (Святло мінуўшчыны)

У першай кнізе прыгодніцка-фантасмагарычнага рамана Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

4 Рублеўская, Л. І. Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская.  Мінск : Звязда, 2019.  285с. —(Святло мінуўшчыны)

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі док- тара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…

5 Сліва, М. Ідэальная жонка : (паводле твораў замежных пісьменнікаў) / Міхась Сліва. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2019. — 94, [1] с. — (Несур’ёзна пра сур’ёзнае)

Яркія, вясёлыя, дасціпныя творы замежных пісьменнікаў натхнілі таленавітага беларускага празаіка Міхася Сліву на перастварэнне іх на роднай мове. Аўтару ўдалося з добрым гумарам паказаць праблемы, якія хвалююць людзей у розных краінах. Кожнаму чалавеку лягчэй жывецца, калі ён сустракае дзень з усмешкай.

Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

6 Спатканне за горадам : [аповесць, прыпавесць, апавяданні, п’есы / укладальніца А. Спрынчан]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. — 398, [1] с. — (Бібліятэка выбраных твораў)

У кнізе змешчаныя аповесць «Пакахай мяне, салдацік» і прыпавесць «Сцяна» Васіля Быкава, п’есы Аляксея Дударава, апавяданні Івана Мележа і Вячаслава Адамчыка, якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю чытачоў.

7   Цітавец, І. В. Паклонімся хлебу : песні, вершы, апавяданне / Іван Цітавец. — Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2019. — 383 с.

У аўтарскі зборнік беларускага паэта-песенніка Івана Цітаўца ўвайшлі творы на беларускай і рускай мовах, прысвечаныя гістарычнаму мінуламу і сучаснасці роднай Беларусі. Гэта тэксты і ноты песень, музыка да якіх напісана вядомымі беларускімі кампазітарамі: І. Лучанком, В. Кавалівам, Г. Казловай, Д. Лойкай, А. Клеванцом, А. Безенсон, I. Карнаухавай i iнш., а таксама вершы і апавяданне «Дарога праз жыццё».